ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ ГРАМА́ДСТВА,

тып развітога грамадства, якое базіруецца на буйной машыннай вытв-сці, рэалізацыі дасягненняў навукі ў вытв. і інш. сферах дзейнасці, агульнанац. сістэмы гаспадаркі і развітым рынку. Тэрмін увёў А.​Сен-Сімон. У распрацоўку тэорыі І.г. пэўны ўклад зрабілі сацыёлагі А.​Конт, К.​Маркс, Э.​Дзюркгейм, М.​Вебер, П.​Сарокін. Найб. пашырэнне і папулярнасць канцэпцыя атрымала ў 1950—70-я г. (Ж.​Фурасцье, Р.​Арон, Д.​Бел, У.​Ростаў, Дж.​Голбрэйт, Р.​Дарэндорф, А.​Тофлер і інш.). Характэрная асаблівасць сучаснага І.г. — перамяшчэнне насельніцтва з сельскай гаспадаркі і прам-сці ў сферу паслуг. У сацыяльна-паліт. сферы І.г. характарызуецца развіццём сістэмы грамадз. правоў, сац. партнёрства, узмацненнем значнасці заканадаўчага і рэальнага забеспячэння правоў чалавека.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)